Маладафронтаўцу Міхасю Мускаму далі 7 сутак гаўптвахты
Фармальна “за невыкананне загада” ў войску
Пра гэта паплечнікі Мускага даведаліся, патэлефанаваўшы ў гарнізонную турму.
Нагадаем, Міхася Мускага а 9 гадзіне ранку 25 ліпеня на машыне звезлі з вайсковай часткі пад Асіповічамі ў Мінск. Сябра зарэгістраванага ў Чэхіі “Маладога Фронта” ў свой час забралі ў войска проста з “сутак” на Акрэсціна, але прысягі ён так прынцыпова і не прыняў.
Паводле словаў паплечнікаў Міхася, іншым салдатам абвесцілі, што Мускага пакараюць “за арганізацыю галадоўкі і распаўсюд пра яе інфармацыі ў СМІ”. Таксама нібыта страшылі, што на Мускага завядуць крымінальную справу. Па непацверджанай інфармацыі, напярэдадні ў вайсковай частцы пабывала камісія з Міністэрства абароны.
Нагадаем, некалькі дзён таму ў СМІ прайшла інфармацыя, што ў вайсковай частцы пад Асіповічамі галадае каля 10 салдат, пратэстуючы супраць “нестатутных стасункаў”. Аднак афіцыйна гэтыя звесткі пацверджаныя не былі. Хоць пакаранне Мускага ўскосна можа сведчыць, што такі факт сапраўды меў месца.
Фота: svaboda.org