Малады беларускі лекар завёў YouTube-канал пра папулярную медыцыну
Малады беларускі лекар завёў на YouTube канал пра папулярную медыцыну. 23-гадовы інтэрн Георгій Тапузідзіс у займальнай форме распавядае пра МРТ, апёкі, кляшчоў, алергію ды зрок. Праграмы на канале выходзяць кожны аўторак — здымаць і мантажаваць матэрыял доктару-відэаблогеру дапамагаюць родныя і сябры.
Паводле спецыялізацыі, Георгій — лекар-радыёлаг, таму свой канал ён назваў Dr.X (сімвал Х звязаны з абазначэннем іянізуючага выпраменьвання — X-ray).
Хлопец стараецца простымі словамі распавесці складаныя медыцынскія паняцца і зрабіць інфармацыю даступнай для гледачоў. Канал з’явіўся месяц таму і мае ўжо амаль 300 падпісчыкаў, а кожная праграма сабрала па некалькі сотняў праглядаў.