Маладзечанскія школьнікі пішуць пра эвакуацыю ў 13 школах
Здарэнне адбылося каля 11-й гадзіны у чацвер, 5 верасня. Невядомыя паведамілі пра "мінаванне" некалькіх школ у горадзе.
Тэрмінова была праведзеная эвакуацыя вучняў і настаўнікаў. У сколькіх школах працуюць сапёры, не паведамляецца.
"Мы сядзелі на чарчэнні, да нас зайшлі ў клас і сказалі выходзіць. Мы выйшлі спакойна, нас паставілі ў строй і мы ціхенька пайшлі. Мы думалі, што гэта вучэбная трывога і спакойна выходзілі. Мы выйшлі на ганак, там стаялі. Потым да нас падыйшлі і сказалі, што тут знаходзіцца небяспечна і сказалі ісці дахаты", — распавёў Еўрарадыё школьнік Мікіта.
"Усіх арганізаваным натоўпам вывелі і адправілі дахаты. А настаўнікі засталіся чакаць. Я паспела забраць свае рэчы, а некаторыя дзеці — не", — кажа Дар'я вучаніца адной са школаў.
Ці трэба на заўтра прыходзіць у школу, настаўнікі дзецям яшчэ не паведамілі.
Згодна з паведамленнямі шматлікіх школьнікаў з Маладзечна ў групе "Вконтакте", якая прысвечаная сённяшняму здарэнню, эвакуацыя праводзілася прыблізна ў 13 школах.
Школьнікі, якіх эвакуявалі са школ і адправілі дахаты, ужо паспелі стварыць "ВКонтакте" групу "Тэракт у школах Маладзечна". У групе хлопцы і дзяўчаты пераважна жартуюць і абменьваюцца інфармацыяй.
Фотарэпартаж з Маладзечна, дзе школы атакавалі "тэлефонныя тэрарысты"
Фота — Еўрарадыё