"Мінёр" маладзечанскіх школаў правядзе за кратамі 3 гады
Набыў законную моц прысуд суда Маладзечанскага раёна, вынесены Дзмітрыю Новіку.
Нагадаем, што ў верасні 2013 года ён поштай разаслаў у 11 школ Маладзечна лісты з патрабаваннем перавесці 10 тысяч долараў на электронны рахунак. У іншым разе злачынец абяцаў падарваць бомбы ў школах, дзе знаходзіліся дзеці.
Праз wi-fi ён ад імя былога мужа сваёй дзяўчыны зарэгістраваў электронную скрыню і электронны кашалёк. У лістах адзначыў нумар электроннага кашалька, зарэгістраванага на чужое імя.
Як паведамляла Еўрарадыё, выбухоўку шукалі міліцыя, выратавальнікі, сапёры. Са школаў эвакуявалі вучняў і настаўнікаў. Аднак выбухоўкі не знайшлі.
Мужчыну прызналі вінаватым у заведама ілжывым паведамленні пра выбух, якое пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры і іншыя цяжкія наступствы, а таксама ў несанкцыяваным доступе да камп'ютарнай інфармацыі.
Суд прысудзіў Дзмітрыю Новіку 4 гады пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму. Але ў сувязі з сёлетняй амністыяй ён часткова вызвалены ад пакарання тэрмінам на 1 год, перадае БЕЛТА.
За панесеныя страты падчас надзвычайнай сітуацыі на карысць дзяржаўных устаноў з абвінавачанага спагналі больш за 30 млн рублёў.
Фота — rh.by