Затрыманы падазроны ў пагрозах арганізаваць выбух у школах Маладзечна

Цяпер яго дапытваюць. Асобу затрыманага, яго ўзрост не раскрываюць. Верагодна, гэта мясцовы жыхар. Яму пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі, інфармуе БЕЛТА.

Здарэнне адбылося раніцай у чацвер. У 11.30 у праваахоўныя органы звярнуўся дырэктар адной са школ Маладзечна і паведаміў, што да яго прыйшоў ліст, у якім на вузкай папяровай стужцы было надрукавана: "У вашай школе закладзеная бомба, яна выбухне, і загінуць дзеці. На электронны кашалёк перавядзіце 10 тысяч долараў і гэтага не адбудзецца".

Падобныя лісты прыйшлі яшчэ ў 9 навучальных установаў Маладзечна (усе яны былі адпраўленыя па пошце з гэтага ж горада). Эвакуацыю было вырашана зрабіць ва ўсіх школах і гімназіях. Дзяцей адправілі дахаты, школы ачапілі. У Маладзечна былі выкліканыя спецпадраздзяленне МУС "Алмаз", групы размінавання ўнутраных войскаў. Аднак да 16.30 высветлілася, што ніякіх выбуховых прыстасаванняў не было.

Фотарэпартаж з эвакуацыі школы № 4 Маладзечна

Была распачатая крымінальная справа. Зламысніка шукалі супрацоўнікі МУС, КДБ і Следчага камітэта.

У пятніцу школы Маладзечна будуць працаваць у звычайным рэжыме.


 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі