Марадону плацяць 12 тысяч долараў за тое, каб пасядзеў у VIP-ложы на ЧС
Былому форварду і трэнеру зборнай Аргенціны, а цяпер старшыні праўлення футбольнага клуба "Дынама-Брэст" Дыега Марадону ФІФА плаціць па 10 тысяч фунтаў стэрлінгаў (больш за 12 тысяч долараў). Гэтую суму ён атрымлівае за кожны наведаны матч чэмпіянату свету-2018. Пра гэта перадае Радыё "Свабода" са спасылкай на брытанскае выданне Daily Mail.
Прэзідэнт ФІФА Джані Інфантына выступіў з асабістай інцыятывай "Праграма легендаў". Ён прапанаваў плаціць грошы, каб на кожнай сустрэчы ў якасці "пасла добрай волі" прысутнічаў хаця б адзін яскравы прадстаўнік нацыянальнай каманды колішняга складу.
На сёлетнім чэмпіянаце вету ў Расіі Дыега Марадона наведаў усе тры групавыя матчы аргенцінцаў. Такім чынам, ён атрымаў больш за 35 тысяч долараў.
Нагадаем, што на матчы Аргенціна — Нігерыя, які скончыўся перамогай аргенцінцаў з лікам 2:1, Марадона ўскочыў і пачаў паказваць непрыстойныя жэсты.
У 1/8 фіналу зборная Аргенціны 30 чэрвеня сустрэнецца з камандай Францыі.