Маск пракаментаваў жэст з ускінутай рукой: "Нападкі ў стылі "Вы ўсе Гітлеры"

Ілан Маск на інаўгурацыі Трампа

Ілан Маск на інаўгурацыі Трампа / Reuters

Крытыку за свой жэст з ускінутай рукой Ілан Маск назваў бруднымі трукамі.

Падчас цырымоніі інаўгурацыі Дональда Трампа бізнесовец ускінуў руку ў жэсце, падобным да нацысцкага прывітання. Гэта выклікала вялікі розгалас.

"Шчыра кажучы, ім трэба [прыдумаць] брудныя трукі лепей. Нападкі ў стылі "вы ўсе Гітлеры" ўжо надакучылі", — пракаментаваў Маск у сваёй сацсетцы Х. Гэта быў яго адказ на твіт прыхільніка, які мяркуе, што нацысцкае прывітанне — гэта містыфікацыя і частка "кампаніі брудных трукаў" ад Дэмакратычнай партыі ЗША.

Выданне The Independent адзначыла, што ў прамове Маска, нягледзячы на гэты жэст, не было ніякіх прамых указанняў на сувязь з фашызмам і нацызмам.

Антыдыфамацыйная ліга (АДЛ), вядомая барацьбой з антысемітызмам і нянавісцю да габрэяў, палічыла жэст "нялоўкім і натхнёным", але не нацысцкім прывітаннем.

Таксама некаторыя выказваюць меркаванне, што бізнесовец паказаў рымскі салют, або "салют Бэламі". Падобны жэст у ЗША быў часткай клятвы вернасці сцягу з XIX стагоддзя. Падчас Другой сусветнай амерыканцы адмовіліся ад яго праз падабенства з нацысцкім вітаннем. Цяпер клятву прамаўляюць, трымаючы руку каля сэрца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі