Матацыкліст, які збіў насмерць пешахода, атрымаў 4 гады пазбаўлення волі
Такое рашэнне ў пятніцу, 30 жніўня, прыняў суд Фрунзенскага раёна Мінска.
За "парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека" матацыкліста пакаралі пазбаўленнем волі ў калоніі-пасяленні. Таксама яго на 5 гадоў пазбавілі права кіравання транспартнымі сродкамі.
Трагічнае здарэнне адбылося ў сталіцы 16 чэрвеня на скрыжаванні вуліц Цімашэнкі і Прытыцкага. 23-гадовы кіроўца і яго 21-гадовы пасажыр на матацыкле "Сузукі" з польскімі рэгістрацыйнымі нумарамі збілі 22-гадовага мінчука. Той пераходзіў вуліцу на дазвольны сігнал святлафора, матацыкліст жа рухаўся на чырвонае святло з хуткасцю, якая значна перавышала дазволеную.
Пешаход загінуў на месцы. Матацыкліст і пасажыр былі шпіталізаваныя са шматлікімі пераломамі.
Малады чалавек набыў матацыкл за некалькі дзён да здарэння і яшчэ не паспеў паставіць яго на ўлік у ДАІ. Правоў на кіраванне матацыклам у хлопца не было, інфармуе БелаПАН.