Матч з удзелам БАТЭ, у якім забілі 11 галоў, стаў трэцім у гісторыі
БАТЭ — "Смаргонь"
Матч БАТЭ і "Смаргоні", у якім забілі 11 галоў (барысаўчане выйгралі з лікам 7:4), стаў трэцім у гісторыі вышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі па футболе. Для заўзятараў БАТЭ гэта слабое суцяшэнне — сёлета каманда нават не змагалася за медалі. Яны ў мінскага "Дынама", гродзенскага "Нёмана" і жодзінскага "Тарпеда-БелАЗ".
Папярэднія разы, калі забівалі больш за 10 галоў, у нацыянальным першынстве былі ў першай палове 1990-х. Як піша "Трыбуна", у жніўні 1992-га з лікам 7:4 скончыўся матч віцебскага "СКБ-Лакаматыва" і "Маладзечна", а ў чэрвені 1995-га мінскае "Дынама" і "Гомсельмаш" (цяпер — "Гомель") згулялі з лікам 9:3.
"У распранальні сказаў хлопцам, што многія не разумеюць, што гэта не камп'ютарная гульня, — кажа галоўны трэнер "Смаргоні" Ігар Слесарчук. — Жыццё адно і ўсё, што было да гэтага, забудзецца і застануцца гэтыя 4:7. Таму я вельмі моцна расчараваны і злы".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.