Матэматык вылічыў, хто з герояў памрэ першым у новым сезоне "Гульні тронаў"
Навуковец Мілан Янасаў з Цэнтральна-Еўрапейскага ўніверсітэта ў Будапешце паспрабаваў вылічыць, хто з персанажаў загіне ў бліжэйшым сезоне сагі "Гульня тронаў". Гэты серыял вядомы, сярод іншага, тым, што галоўныя персанажы ў ім па чарзе паміраюць.
Янасаў даследаваў дыялогі герояў і склаў матэматычную мадэль гібелі персанажаў кінасагі, пішуць інфармагенцтвы.
Ён прыйшоў да высновы, што найбольшую верагоднасць памерці ў новым сезоне мае Дэйнэрыс Таргарыен і яе памочнік Шэры Чарвяк — 91%.
Следам ідзе Арыя Старк — 84%. Для Тырыёна Ланістара верагоднасць смерці складае крыху больш за 50%, для Джона Сноў — 45%. Верагоднасць гібелі Сэрсэі Ланістар складае 35%. А самым "жывучым", паводле матэматычных прагнозаў, апынуўся Тэон Грэйджой — толькі 5%.