Мазырчука, якога ўключылі ў спіс "тэрарыстаў", пакаралі 8 гадамі калоніі
У Гродзенскім абласным судзе агучылі прысуд жыхару Мазыра Яўгену Збароўскаму. У канцы чэрвеня 2022 года мужчыну ўнеслі ў спіс "тэрарыстаў", таму мягкага пакарання чакаць не даводзілася. Суддзя Ігар Собалеў адправіў Збароўскага ў калонію ўзмоцненага рэжыму на 8 гадоў.
Працэс над Збароўскім быў не зусім звычайны. Мазырчука абвінавацілі адразу па 9 артыкулах Крымінальнага кодэксу. Суд доўжыўся з 14 лютага па 2 чэрвеня, амаль чатыры месяцы.
У справе "тэрарыста" і публікацыя ў тэлеграме тэкстаў пра метады вырабу гаручых рэчываў, і абразы ў адрас Лукашэнкі, і распальванне варажнечы да сілавікоў, і "забеспячэнне экстрэмісцкай дзейнасці" (перавёў адміністратарам тг-каналаў грошы ў біткоінах), і набыццё пісталета Макарава і патронаў да яго ў Расіі.
Яўген сваю віну прызнаў часткова. У судзе ён тлумачыў, што быў нязгодны з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў, і таму вырашыў дзейнічаць актыўна
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.