Медуніверсітэт не патрабуе $450 са студэнткі, якая валанцёрыла ў Гватэмале
Мінскі медуніверсітэт больш не патрабуе ад студэнткі 4-га курса Ганны Платніцкай, якая ўлетку два месяцы працавала валанцёркай у Гватэмале, аплаціць 980 рублёў за адпрацоўкі прапушчаных заняткаў і практыкі. Пасля публікацыі на Еўрарадыё Платніцкую выклікалі на размову ў дэканат педыятрычнага факультэта, дзе яна вучыцца. Сума выплаты істотна зменшылася.
“Падчас размовы з дэканам я дазналася, што мне трэба аплаціць не 144 гадзіны практыкі, а 4. Гэта нашмат менш. А за прапушчаны тыдзень заняткаў заплаціць усё адно давядзецца”.
Ганна Платніцкая працавала як малады медык-валанцёр у клініцы Health & Help, якая знаходзіцца ў вёсцы Чуінахтахуюб у Гватэмале. Яна выехала туды 2 ліпеня, калі навучальны год яшчэ не скончыўся, але, па яе словах, дамовілася пра сваю адсутнасць з дэканатам.
Па вяртанні з Гватэмалы студэнтка даведалася пра запазычанасць перад універсітэтам. 14 верасня дзяўчына пабывала на сустрэчы ў рэктараце, дзе ёй пацвердзілі: валанцёрская праца ў гарачай кропцы — няўважлівая прычына для пропускаў. А адпрацоўкі прапушчаных заняткаў у БДМУ платныя.
Дэкан педыятрычнага факультэта БДМУ Уладзімір Баброўнічы незадаволены, што студэнтка вынесла гісторыю ў публічную сферу, не дачакаўшыся афіцыйнага плацёжнага квітка. У размове з Еўрарадыё ён сказаў, што суму выплаты ў 980 рублёў, якую Платніцкая называла Еўрарадыё ў пятніцу, яна ўзяла “з неба”.
Таксама дэкан лічыць непрымальным тон, у якім студэнтка апісвала сітуацыю.
“Сёння ўсё ёй было растлумачана. І пра тое, як яна гэта казала, і пра суму, якую яна ўзяла невядома адкуль, з воблака. Гэта яе праблемы, яна павінна гэта выправіць, і дзесьці грамадзянскае сумленне павінна прачнуцца. Па вялікім рахунку, гэта было зняважліва. Як чалавек, які заканчвае ВНУ, яна павінна валодаць нармальнай лексікай і адказваць за кожнае апублікаванае слова”.
Па яго словах, 17 верасня Платніцкая зразумела сваю памылку і выбачылася перад дэканам. Падчас падрыхтоўкі публікацыі дзяўчына на сваёй старонцы ў Instagram прызналася, што вінаватая сама, бо не атрымала афіцыйны дазвол на свой ад'езд, а таксама памылілася ў падліках. Як высвятлілася, аплочваць падчас прапушчанай практыкі трэба толькі вучэбныя гадзіны з выкладчыкам. За месяц такіх гадзін атрымалася чатыры.