Мікалай Статкевіч кліча людзей да прэзідэнцкай адміністрацыі
22 лютага індывідуальныя прадпрымальнікі плануюць правесьці ў Мінску чарговы мітынг супраць указа №222 Аляксандра Лукашэнкі. Як і тыдзень таму, месцам мітынгу абралі Кастрычніцкую плошчу ў сцэнтры сталіцы. Пачатак сходу прызначаны на 12-ю гадзіну.
Былы палітвязень Мікалай Статкевіч на сваім акаўнце ў фэйсбуку прапанаваў перад пачаткам мітынгу прыйсці да прыёмнай Адміністрацыі прэзідэнта. Статкевіч прапаноўвае масава прынесці заявы з патрабаваннем адмяніць указ №222.
"Ведаю, што ў панядзелак 22 лютага на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску адбудзецца чарговы мітынг у падтрымку ІП. Падтрымоўваю гэты мітынг, але прапаную перад яго пачаткам прыйсці да прыёмнай адміністрацыі "прэзідэнта" і прынесці з сабой заявы з патрабаваннем адмены ўказа 222, адмовы ад абмежаванняў на атрыманне і асабісты ўвоз рэчаў з-за мяжы, зніжэння коштаў паслуг ЖКГ. Заявы можна і не аддаваць, але варта прыйсці адначасова, каб самым фактам нашага масавага прыходу мы маглі паказаць нашую нязгоду са спробай улады за наш кошт ліквідаваць наступствы свайго бязглуздага кіравання эканомікай. У іх ёсць шмат іншых спосабаў зэканоміць. Напрыклад, скараціць колькасць дармаедаў ад улады", — піша палітык.
Як вядома, згодна з указам №222 прадпрымальнікі могуць гандляваць таварамі лёгкай прамысловасці, прывезенымі з-за мяжы, толькі калі маюць дакументы Мытнага саюза, якія пацвярджаюць якасць і паходжанне тавараў.