Міколу Статкевіча лічаць “схільным да ўцёкаў з турмы”
Пра гэта нагадала яго жонка Марына Адамовіч.
Былы кандыдат у прэзідэнты Мікола Статкевіч ў магілёўскай турме лічыцца не толькі злосным парушальнікам рэжыму, які “не стаў на шлях выпраўлення і мае намер пасля вызвалення весці злачынны лад жыцця”, але і “схільным да нападу і ўцёкаў”.
Днямі Марына Адамовіч высветліла, што гэты статус за яе мужам трымаецца ўжо 2 гады. “А значыць, штомесяц з ім праводзяць “выхаваўчыя размовы”. Да таго ж, гэта дазваляе адміністрацыі ўсталёўваць больш шчыльнае назіранне ў камеры як праз “вакенца”, так і па-іншаму. Але Мікола жартуе, што рэгулярна “абяцае ні на каго тут не нападаць”, — распавяла Адамовіч у інтэрв’ю Радыё Свабода.
Мікола Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зняволення нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 году. Сваёй віны палітык не прызнае і адмаўляецца прасіць аб памілаванні. Ад снежня 2011 году Статкевіч знаходзіцца пастаянна ў закрытым памяшканні — спачатку ў карцэры і ПКТ шклоўскай калоніі, а са студзеня 2012 году — у магілёўскай крытай турме.