Міліцыя будзе разбірацца з нацысцкай выхадкай фанатаў БАТЭ да 16 жніўня
Міліцыя падоўжыла праверку на скаргу з нагоды выхадкі нацысцкай фанатаў футбольнага клуба БАТЭ. Разбірацца з гэтым інцыдэнтам будуць да 16 жніўня, паведамляе БЕЛТА. Падаўжэнне праверкі звязана, хутчэй за ўсё, з тым, што яшчэ не выявілі асобы ўсіх фанатаў, якія арганізавалі правакацыю. Інцыдэнт адбыўся 14 ліпеня ў часе матча 2-га кваліфікацыйнага раунда футбольнай Лігі чэмпіёнаў, у якім БАТЭ сустракаўся з ісландскім “Хабнарф’ордзюрам”. У фанацкім сектары беларускага клуба ўзнялі транспаранты з лічбамі “14” і “88”. У клубе вырашылі, што гэта не выпадковае супадзенне лічбаў ці акцэнтаванне ўвагі на нумарах любімых футбалістаў. Рэч у тым, што 14/88 — кодавы лозунг, які часам выкарыстоўваюць белыя нацысты ў якасці вітання ці подпісу.