Мінабароны адказала "групе замежных грамадзян" з Еўрапарламента

Мінабароны адказала "групе замежных грамадзян" з Еўрапарламента

Прэс-служба Мінабароны адказала на зварот дэпутатаў Еўрапарламента. Прычым адрасатамі названая "група замежных грамадзян, якія з'яўляюцца членамі Еўрапарламента".

6 кастрычніка 25 дэпутатаў Еўрапарламента звярнуліся да беларускіх сілавікоў. Яны заявілі, што Аляксандр Лукашэнка не з'яўляецца законным прэзідэнтам Беларусі, і заклікалі не выконваць незаконныя загады. Па словах еўрадэпутатаў, законным пераможцам прэзідэнцкіх выбараў з'яўляецца Святлана Ціханоўская. Яны заклікалі камандаванне Узброеных сілаў і міліцыі стаць на бок беларускай нацыі, якая выходзіць на мірныя пратэсты.

У сваім адказе Мінабароны заяўляе, што "народ Беларусі зрабіў свой выбар — гэта выбар больш за 80% беларусаў. Раім вам паважаць яго і ўстрымацца ад умяшання ва ўнутраныя справы Рэспублікі Беларусь, засяродзіўшы ўвагу на вырашэнні ўнутраных праблем у сваіх дзяржавах".

Ваеннае ведамства заяўляе, што войска было і будзе непадзельнай часткай беларускага народа, а таксама што яно гатовае бараніць тэрытарыяльную цэласнасць, суверэнітэт і канстытуцыйны лад Беларусі. 

"У сувязі з гэтым ваеннае ведамства не бачыць сэнсу дадаткова тлумачыць сваю пазіцыю асобным замежным грамадзянам", — заяўляюць у Мінабароны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі