Мінабароны дало стваральніку канала пра войска 10 сутак "губы" і прапануе працу

Міністр абароны Андрэй Раўкоў​ / Reuters
Міністр абароны Андрэй Раўкоў​ / Reuters

Міністэрства абароны Беларусі не супраць узяць на працу пазаштатным блогерам Юрыя Барадзёнка, аўтара телеграм-канала "Беларуская кухня", які публікуе крытычныя гісторыі салдат пра тэрміновую службу. Пра гэта прэс-сакратар Мінабароны Уладзімір Макараў заявіў Еўрарадыё, каментуючы адпраўку сяржанта на гаўптвахту на 10 сутак.

"Гарбацэвіч з "Нашай Нівы" [журналіст Арцём Гарбацэвіч. — Еўрарадыё] прапанаваў у далейшым выкарыстоўваць гэтага маладога чалавека ў якасці пазаштатнага блогера ў інтарэсах ваеннага ведамства. Я яму сказаў, што такая прапанова будзе разгледжаная!" — распавёў Макараў.

10 сутак "губы" — за тэлефон або за телеграм-канал?

27 жніўня тэлеграм-канал PALCHYS паведаміў, што аднаго з аўтараў канала пра войска "Беларуская кухня", па сумяшчальніцтве салдата тэрміновай службы, адправілі на гаўпвахту на 10 сутак. Афіцыйна — за карыстанне смартфонам. Неафіцыйна, піша Пальчыс, — за телеграм-канал з крытычнымі гісторыямі салдат пра тэрміновую службу.

На наступны дзень, 28 жніўня, у "Беларускай кухні" з'явіўся аўдыёзапіс, дзе пакараны сяржант кажа, што намеснік міністра абароны па ідэалогіі Леанід Касінскі быў незадаволены зместам телеграм-канала. Таму ён нібыта патэлефанаваў выканаўцу абавязкаў камандзіра часткі Алегу Бацькаву і папрасіў разабрацца. Барадзёнак служыць у новай частцы № 97106 у Астраўцы.

Прэс-сакратар Мінабароны заявіў Еўрарадыё, што Барадзёнка адправілі на гаўптвахту за неўсталяваны тэлефон:

"На жаль, гэта было прадстаўлена нібыта як рэпрэсіі супраць салдат. Магу рэкамендаваць вам карыстацца толькі афіцыйнай інфармацыяй, а не выдумкамі асобных аўтараў сумнеўных інтэрнэт-рэсурсаў. Тым больш на самім канале "Беларуская кухня" размешчана інфармацыя, што ўсё апублікаванае там з'яўляецца асабістым меркаваннем альбо выдумкай аўтараў [такі пост ад 25 жніўня ў канале сапраўды ёсць. — Еўрарадыё]".

Минобороны дало создателю канала про армию 10 суток "губы" и предлагает работу

Інфармацыю з аўдыёзапісу, размешчанага на канале "Беларуская кухня", Макараў назваў "трызненнем і адкрытай хлуснёй".

Макараў: адпраўляючы Барадзёнка на гаўптвахту, камандзір нічога не парушыў

Ці не занадта сурова караць сяржанта дзесяццю суткамі гаўптвахты за тэлефон?

"Справа ў тым, што гэта права [прызначаць тое ці іншае пакаранне. — Еўрарадыё] камандзіра. Не скажу, што часта, але такія прэцэдэнты былі і раней. Гаворка ідзе не проста пра воінскія часткі, а пра рэжымныя аб'екты, пра значнасць і ўсё астатняе. У дадзеным выпадку камандзір нічога не парушыў", — упэўнены Макараў.

Можа, статут прадугледжвае магчымасць па-іншаму пакараць салдата за карыстанне смартфонам?

"У статуце не напісана, за якую дысцыплінарную правіну якое канкрэтна спагнанне можа накладвацца. Усё залежыць ад правіны, ад яе цяжару, — кажа прэс-сакратар Мінабароны. — Нават ўжыванне спіртных напояў можа быць менш цяжкай правінай, чым карыстанне тэлефонам. Асабліва на аб'екце, які ў бліжэйшы час будзе важным для забеспячэння бяспекі не толькі Беларусі, але і еўрапейскага рэгіёна".

Па словах Макарава, гаўпвахта — не самае сур'ёзнае пакаранне за дысцыплінарнае парушэнне. Сяржанта Барадзёнка, напрыклад, маглі пазбавіць вайсковай пасады.

“Трэба абавязкова выказаць Пальчысу велізарную ўдзячнасць і падзяку”

Ён пацвердзіў, што Міністэрства абароны даведалася пра канал "Беларуская кухня" з канала PALCHYS і ведала, што сяржант Барадзёнок вядзе яго:

"Цалкам дакладна! Пачалося ўсё з дысцыплінарнага спагнання, накладзенага на ваеннаслужачага тэрміновай службы Астравецкага гарнізона. Камандзір вайсковай часткі дзейнічаў строга ў рамках статута ў адпаведнасці з артыкулам 46 пунктам 7. Гэта значыць дзякуючы пільным блогерам і аўтарам выяўлены аўтар канала. Трэба абавязкова выказаць Пальчысу велізарную ўдзячнасць і падзяку. Хоць яшчэ раз падкрэслю, што яго інфармацыя таксама вельмі сумнеўная".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі