Мінчанка не паведаміла свайму хлопцу, што мае вірус імунадэфіцыту
Супрацоўнікі крымінальнага вышуку Фрунзенскага РУУС Мінска сабралі матэрыялы на мінчанку, якая ведала, што заражаная ВІЧ-інфекцыяй, займалася сексам са сваім хлопцам без сродкаў кантрацэпцыі. Пра гэта паведамляе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама.
Пара пражывала разам. Нядаўна яны бавілі час у кампаніі агульных сяброў. І адна з сябровак сказала хлопцу, што яго каханая мае ВІЧ-інфекцыю. Пасля гэтага 28-гадовы мінчук напісаў заяву ў міліцыю.
Аператыўнікі высветлілі, што 22-гадовая непрацуючая дзяўчына ведала пра сваю хваробу. Раней яна ўнутрывенна ўжывала наркотыкі. Пра заражэнне ВІЧ-інфекцыяй дзяўчына даведалася напрыканцы 2017 года, але ад свайго хлопца гэтую інфармацыю хавала.
Медабследаванне паказала, што хлопец не заразіўся ВІЧ-інфекцыяй. Але дзеянні дзяўчыны заведама пагражалі яму такім заражэннем.
Матэрыялы на мінчанку перададзеныя ў Следчы камітэт.
Раней дзяўчына не прыцягвалася да крымінальнай адказнасці. Але яна мае адміністрацыйныя пакаранні за дробны крадзеж і знаходжанне нецвярозай у грамадскім месцы.