Мінфін ЗША заяўляе, што "крамлёўскі даклад" ляжа ў аснову новых санкцый
Сакрэтная частка так званага "крамлёўскага дакладу", часткова апублікаванага ў аўторак, стане асновай для новых санкцыяў супраць расійскіх чыноўнікаў і бізнесоўцаў. Пра такую заяву міністра фінансаў ЗША Стывена Мнучына перадае Бі-Бі-Сі.
Адказваючы на пытанні ў кангрэсе, Мнучын паведаміў, што пра санкцыі ідзе гаворка ў засакрэчанай частцы дакладу. Імёнаў канкрэтных людзей, якія могуць трапіць пад новыя санкцыі, чыноўнік не назваў. Ён толькі паведаміў, што сакрэтная частка дакладу складаецца з дзясяткаў старонак.
Як паведамлялася раней, у дакумент, падрыхтаваны Мінфінам ЗША ўвайшлі 210 прадстаўнікоў Расіі — гэта 114 высокапастаўленых чыноўнікаў і кіраўнікоў дзяржкампаній з Расіі, а таксама 96 алігархаў. У іх ліку такія вядомыя мільярдэры, як Алішэр Усманаў, Раман Абрамовіч, Алег Дзерыпаска, Вагіт Алякпераў, Сулейман Керымаў ды Юрый Мільнер. Дагэтуль на іх не распаўсюджваліся санкцыі, якія ЗША і Еўропа ўвялі супраць Расіі пасля анэксіі Крыма і пачатку ўзброенага канфлікту на Данбасе ў 2014 годзе.
У спіс увайшлі таксама ёсць стваральнік "Лабараторыі Касперскага" Яўген Касперскі, банкіры Герман Грэф, Андрэй Косцін, Пётр Авен, саўладальнік "Нарыльскага нікеля" Уладзімір Патанін.
Сам спіс не з'яўляецца санкцыйным і не накладае ніякія абмежаванні. Але ўключэнне ў яго можа заахвоціць банкі ды іншыя арганізацыі ў ЗША і Еўропе не весці бізнэс з фігурантамі гэтага спісу.
Мінфін абгрунтоўвае неабходнасць новых санцыяў тым, што на Расію трэба аказаць ціск для выканання Мінскіх пагадненняў. Яны, як вядома, прадугледжваюць спыненне ваенных дзеянняў на Данбасе.