Мінгарвыканкам ізноў ідзе вайной на Някляева

Чарговы пазоў супраць Даследча-асветніцкай установы “Рух наперад”,якую ўзначальвае Ўладзімір Някляеў, накіраваў Мінгарвыканкам у Гаспадарчы суд Мінску. Папярэдні разгляд справы прызначаны на 20 ліпеня. Гэтым разам сталічныя чыноўнікі спрабуюць даказаць, што памяшканне, у якім месціцца “Рух наперад”, не можа выкарыстоўвацца пад офіс. Пра гэта Еўрарадыё расказала намесніца дырэктара ўстановы Ніна Пахлопка.

Пахлопка: “Зараз ужо адказчыкам выступае не толькі ўстанова, але і арэндадаўца. Яны хочуць прызнаць дамову арэнды несапраўднай. Па ўсіх дакументах, якія рэгіструюцца ў кадастры і ў іншых органах, напісана, што гэта адміністрацыйнае памяшканне. А яны даказваюць, што гэта нямэтавае выкарыстанне памяшкання, што офісныя супрацоўнікі там не могуць там сядзець”.

Намесніца дырэктара называе прэтэнзіі Мінгарвыканкама і чарговую справу супраць Даследча-асветніцкай установы надуманымі. Па яе словах, дастаткова суду разгледзіць усе тэхнічныя дакументы памяшкання і дамовы арэнды, як і гэтая справа рассыплецца. Іншае пытанне, што давядзецца пабегаць, каб гэтыя дакументы сабраць. Бо нягледзячы на рашэнне першага суда на карысць “Руху наперад” апячатаны міліцыянтамі офіс так і не адчынілі. Нібыта з-за таго, што існуе нейкая невядомая крымінальная справа і справа працягнута. Але падрабязнасці следчыя не паведамляюць.

Пахлопка: “Следчы кажа, што ў рамках нейкай крымінальнай справы, памяшканне не могуць адчыніць. Гэтай справы я толькі нумар бачыла, але гэта крымінальная справа ні на нас, ні на ўстанову не заводзілася. Чаму не адчыняюць памяшканне – не ведаю. Я запыталася ў следчага: “Так, што – справа працягнута?” “Так, працягнута”. І ўсё”.

Таму, кажа Ніна Пахлопка, на сённяшняе папярэдняе пасяджэнне Гаспадарчага суда прадстаўнікі “Руху наперад” ідуць без усіх дакументаў, якія абавязкова запатрабуе суддзя. Ім да гэтага часу не аддалі, да прыкладу, устаноўчыя дакументы арганізацыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі