Міністэрства аховы здароўя — за абмежаванне масавых мерапрыемстваў
Міністэрства аховы здароўя Беларусі выступае за абмежаванне масавых мерапрыемстваў. Пра гэта заявіў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік. У чацвер ён сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Адной з галоўных тэмаў для абмеркавання была сітуацыя з каранавірусам у нашай краіне. Лукашэнка заявіў, што "для панікі ў нас няма ніякіх падстаў".
"Вельмі важна, каб грамадзяне, якія прыязджаюць з-за мяжы, павялічылі сваю свядомасць, — цытуе словы Караніка тэлеграм-канал Міністэрства аховы здароўя. — Калі вы вярнуліся з краін, якія не вельмі спрыяльныя па эпідэміялогіі, здайце тэст, абмяжуйце свае кантакты, не наведваеце сваіх пажылых сваякоў".
Міністр падкрэсліў, што яго міністэрства "працуе на прафілактыку", каб пасля не давялося займацца ліквідацыяй успышкі захворвання. Паводле яго слоў, "на нядоўгі час" перапрафілявалі бальніцы і цяпер ва ўсіх абласцях ёсць карпусы, гатовыя да паступлення хворых на каранавірус.
Калі забарона на масавыя мерапрыемствы будзе прынятая, пад пагрозай апынецца святкаванне ў Мінску Дня Волі. У Гродне, як вядома, арганізатары самі вырашылі адмовіцца ад масавый вулічнай акцыі і правядуць святкаванне ў іншым фармаце.
Уладзімір Каранік заявіў, што рашэнне будзе прымацца ў кожным канкрэтным выпадку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.