Міністр эканомікі: Па нашых ацэнках, хакейны чэмпіянат акупіцца

Падчас "прамой лініі" Еўрарадыё запыталася ў міністра эканомікі Мікалая Снапкова, за каго заўзее на чэмпіянаце свету па хакеі. Чыноўнік прызнаўся, што не вельмі разбіраецца ў гульні, аднак выказаўся, што беларусы ва ўчорашнім матчы з расіянамі маглі б і паднаціснуць.



Снапкоў: “Натуральна, сачу! Натуральна, заўзею за беларусаў! Вельмі рады, што яны выйшлі ў чвэрцьфінал. Думаю, што ўчорашняя гульня магла быць бы болей… Ну, напачатку яны неяк на расслабоне былі”.



Акрамя таго, міністр эканомікі зазначыў, што чэмпіянат свету па хакеі для Беларусі выгадны.



Снапкоў: “Пакуль нашы ацэнкі кажуць пра тое, што чэмпіянат акупіцца. Бо асноўныя затраты звязаныя з інфраструктурай. Арэны былі ўжо, а развязкі, дарогі — гэта тое, што і павінна было рабіцца ў горадзе, каб было нармальнае транспартнае злучэнне. Я думаю, што гэта не толькі прыезд турыстаў тут і цяпер. Але і вяртанне гэтых турыстаў у месцы, дзе ім падабаецца, дзе іх добра і смачна кормяць”.



Міністр эканомікі не сумняваецца ў тым, што да нас паедуць турысты і пабудаваныя гасцініцы будуць запаўняцца. Акрамя таго, Снапкоў не сумняваецца, што інвестыцыйны клімат ў Беларусі палепшыцца ў перспектыве.

Фота — БЕЛТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі