Міністр пра Дэкрэт “аб дармаедах”: Не хоча жанчына быць хатняй гаспадыняй!

У сераду, 6 траўня, дэпутаты парламента абмяркоўвалі Дэкрэт прэзідэнта №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”. З дакладам па Дэкрэце выступала міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна. Тлумачыла дэпутатам Дэкрэт і адказвала на іх пытанні. Адказала Марыяна Шчоткіна і на пытанні журналіста Еўрарадыё.

Еўрарадыё: Да прыкладу, муж добра зарабляе і таму жонка можа сабе дазволіць не працаваць. Па гэтым Дэкрэце яна павінная альбо ўладкавацца на працу, альбо заплаціць 20 базавых. Але муж плаціць падаткаў столькі, колькі 10 працаўнікоў нейкага завода. І ён яшчэ мусіць за жонку 20 базавых заплаціць — ці няма тут пэўнай несправядлівасці?

Марыяна Шчоткіна: А давайце па-іншаму паглядзім на гэта: мы кажам, што кожны чалавек — гэта індывідуальнасць, кожны чалавек — асоба, у кожнага чалавека ёсць свае правы і свае абавязкі. Ну, калі ёй трэба будзе пайсці па бальнічны лісток — ён жа не пойдзе замест яе? Ну, я да прыкладу, калі яна працуе. Ці, да прыкладу, выплаты нейкай дапамогі, на якія яна мае права па заканадаўстве, на яе ж распаўсюджваюцца як на асобу, а не як на чыюсьці  жонку, праўда? Таму тут кожная сям’я прымае сваё рашэнне. І ведаеце, праводзілі даследаванне, і большасць жанчын хочуць рэалізоўвацца не толькі як хатнія гаспадыні. А хаця б праз тую ж дыстанцыйную працу! Гэта можа быць і журналістыка, і фатаграфія. Выхадаў на самай справе сёння вельмі шмат — трэба толькі іх рэалізоўваць. Хай кожны адказвае за сябе!

Еўрарадыё: Добра, чалавек не працуе першую палову года, а потым уладкаваўся на працу. За гэтыя 6 месяцаў “дармаедства” ён усё адно мусіць дзяржаве заплаціць?

Марыяна Шчоткіна: Глядзіце, з 1 студзеня 2015 года набывае моц гэты Дэкрэт. А сплачваць трэба ў лістападзе 2016 года. Былі прапановы ўвесці, да прыкладу, з 1 красавіка, але навошта 1 квартал губляць людзям, якія працавалі? Чалавек заўжды можа падлічыць і паглядзець, што такое больш чым 183 дні, — арыфметыку ведаюць усе, і выбар за чалавекам. Але — год прайшоў, і ў лістападзе наступнага года адбываецца выплата гэтага збору. На прыкладзе: чалавек здае кватэру і плаціць падатак. Калі падатак складае 20 базавых велічынь — ён нічога не даплачвае. Калі меншы — даплачвае. Калі ён звяртаецца сам і кажа, што не ўдзельнічае ў фінансаванні, то, звярніце ўвагу, калі ён да 1 ліпеня выплачвае збор — зніжэнне на 10%. А гэта ўжо 18 базавых велічынь. Ізноў-такі — кожны чалавек прымае рашэнне сам.

Еўрарадыё: Вы згадалі пра “дыстанцыйную працу журналістам” — як у такой сітуацыі быць журналістам-фрылансерам? 

Марыяна Шчоткіна: Не толькі журналісты-фрылансеры — усе фрылансеры павінныя аформіцца якім-небудзь чынам. Галоўнае што? Выхад з ценю. Фрылансеры плацяць падаткі? Скажам шчыра — не. Ёсць яшчэ час на тое, каб вырашыць гэтае пытанне і аформіцца ці аформіць працу на рэдакцыю ці кампанію належным чынам. 

Еўрарадыё: Не думаеце, што затраты на выяўленне дармаедаў, спробы спагнаць з іх грошы, прыцягненне праз суд да адміністрацыйнай адказнасці і гэтак далей будуць большыя, чым па выніку з гэтых дармаедаў спагоняць? 

Марыяна Шчоткіна: Не адкрыю сакрэту, калі скажу, што гэтую базу падатковая будзе рабіць усё адно, у любым выпадку. Будзе яна яе рабіць у гэтым годзе ці ў наступным — няважна. Калі вы звярнулі ўвагу, цяпер падатковыя органы правяраюць прыбыткі, траты, адпаведнасць і гэтак далей. Таму гэтая база павінная ў іх быць усё адно. Мы проста гэты працэс зрабілі больш хуткім і ссунулі па часе. Вось і ўсё!

Еўрарадыё: Так, а колькі сабраць грошай з дармаедаў плануеце?

Марыяна Шчоткіна: На гэта хай вам міністр па падатках і зборах адкажа!

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі