Мінскае “Дынама” перамагло “Нёман” у зацяжной барацьбе

Прэтэндэнт на прызавыя месцы сёлетняга першынства, сталічнае “Дынама”, згуляла на выездзе з “Нёманам”. Гульня атрымалася зацяжной, знясільваючай, з вялікай колькасцю жоўтых картак і з частымі выхадамі на поле брыгады медыкаў. На 21-й хвіліне гол гаспадарам поля забіў “дынамавец” Аляксандр Бычанок. Лік не змяніўся да канца матчу — 0:1 на карысць гасцей.



Аўтсайдэр чэмпіянату, мазырская “Славія” ў сябе дома перамагла “Дняпро” — 2:1. Цяпер у клуба з’явілася надзея застацца ў вышэйшай лізе, бо ад бліжэйшага канкурэнта — наваполацкага “Нафтана” — мазыран аддзяляюць толькі два ачкі.



“Белшына” таксама ў сябе дома перамагла “Мінск” — 3:1. Клубы змагаюцца за 7-12 месцы ў першынстве краіны.



Нагадаем таксама вынікі матчаў гэтага туру, якія прайшлі ў суботу, 21 верасня: “Шахцёр” — БАТЭ — 0:3, “Тарпеда-БелАЗ” — “Гомель” — 2:1, “Нафтан” — “Дынама” (Брэст) — 1:3.



Пасля гэтага туру тройка лідараў у чэмпіянаце выглядае наступным чынам: БАТЭ — 1 месца (54 ачкі), “Шахцёр” — 2 месца (52), мінскае “Дынама” — 3 месца (40 ачкоў).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі