Мінскія даішнікі займаліся рэанімацыяй кіроўцы на дарозе
Два супрацоўнікі аддзела ДАІ Кастрычніцкага РУУС Мінска 17 верасня вывелі кіроўцу са стану клінічнай смерці, паведамляе агенцтва "Мінск-Навіны".
Здарэнне адбылося на вуліцы Суражскай каля 13-й гадзіны. Камандзір другога ўзвода ДПС Павел Заяц і інспектар ДПС Станіслаў Балецкі заўважылі, што аўтамабіль "Аўдзі" не крануўся з месца на зялёны сігнал святлафора. Пад'ехаўшы да аўто, інспектары пабачылі, што кіроўца сядзіць, схіліўшы галаву. Яны выбеглі з патрульнага аўтамабіля і паспрабавалі адчыніць дзверы, але тыя былі заблакаваныя. Адзін з даішнікаў здолеў апусціць прыадчыненую шыбу пярэдніх пасажырскіх дзвярэй і адчыніць іх. Кіроўца быў непрытомны.
Інспектары выклікалі "хуткую". У гэты час міма праязджаў старшы інспектар па асаблівых даручэннях УДАІ Станіслаў Салавей. Ён таксама спыніўся, каб дапамагчы. У кіроўцы адсутнічала дыханне і не прамацваўся пульс. Супрацоўнікі ДАІ сталі рабіць сардэчна-лёгачную рэанімацыю. Праз некалькі хвілін да іх далучыўся яшчэ адзін відавочца — як выявілася, медык.
Рэанімацыйная брыгада, якая прыехала на выклік, даставіла кіроўцу ў суправаджэнні двух экіпажаў ДАІ ў лякарню хуткай дапамогі. Дзякуючы інспектарам мужчына быў выведзены са стану клінічнай смерці. Яго шпіталізавалі ў цяжкім стане.