Мінскія мытнікі выявілі каноплі ў плюшавых цацках

Мінскія мытнікі выявілі каноплі ў плюшавых цацках

Супрацоўнікі мытні "Мінск-2" падчас мытнага кантролю міжнародных адпраўленняў звярнулі ўвагу на незвычайную пасылку. Яна прыйшла з Украіны на адрас жыхара Віцебска, паведамляе прэс-служба Мытнага камітэта.

У пасылцы знаходзіліся дзве дзіцячыя плюшавыя цацкі — вожык і заяц. Да іх была прыкладзеная яркая паштоўка са святочным аранжавым бантам і надпісам "Маёй каханай". 

Але мытнікі звярнулі ўвагу, што швы на цацках былі крывымі, а колер ніткі выразна адрозніваўся ад колеру саміх цацак. Ускрыўшы цацкі, яны знайшлі там сем пакуначкаў з насеннем канопляў. На кожным пакуначку была ўказаная разнавіднасць гэтага насення.

Па факце кантрабанды насення канопляў мытня пачала адміністрацыйную справу. 

Дарэчы, за студзень 2018 года мытня "Мінск-2" выявіла тры выпадкі перасылкі насення канопляў у міжнародных паштовых адпраўленнях. За мінулы год было выяўлена 29 такіх спробаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі