Мінспорту: Арбітр з Францыі спрабаваў адабраць медаль у беларускіх весляроў

Мінспорту: Арбітр з Францыі спрабаваў адабраць медаль у беларускіх весляроў

Арбітр з Францыі спрабаваў адабраць медаль у беларускіх весляроў, інфармуе прэс-служба Міністэрства спорту і турызму Беларусі. Інцыдэнт адбыўся ў Белградзе на чэмпіянаце Еўропы па веславанні на байдарках і каноэ сярод юніёраў і моладзі. Па словах дырэктара Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па вяслярных відах спорту Сяргея Хмялькова, Аляксандр Гатальскі і Дзяніс Патапенка на каноэ-двойцы фінішавалі на другім месцы. Аднак на табло нечакана з’явілася інфармацыя, што беларусы дыскваліфікаваныя. Такое рашэнне прыняў французскі арбітр, які на першынстве з’яўляецца намеснікам галоўнага суддзі.

Беларуская дэлегацыя падала пратэст, які француз адхіліў, ён спасылаўся, што ў пратаколе зафіксаваны адыход беларускіх весляроў ад траекторыі, заезд на іншую дарожку. Кіраўнік дэлегацыі падаў паўторны пратэст, які разглядала галоўная суддзя спаборніцтваў Элі Мюлер з Нідэрландаў. Яна прыняла рашэнне, паводле якога Гатальскі і Патапенка заваявалі срэбра.

Мінспорту Беларусі заяўляе пра прадузятыя адносіны да беларускіх весляроў з боку прадстаўнікоў Францыі. Як вядома, вясной 2016-га французская паліцыя правяла ператрус у нацыянальнай зборнай Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ, якая была на зборах у Францыі. Нібыта, былі знойдзеныя забароненыя рэчывы, на падставе чаго Міжнародная федэрацыя каноэ мужчынскую зборную дыскваліфікавала і яна не трапіла на Алімпіяду ў Рыа. У пачатку 2017-га дыскваліфікацыя была адменена Спартыўным арбітражным судом у Лазане, беларускі бок цяпер хоча атрымаць ад французаў кампенсацыю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі