Мінздароўя Беларусі хоча цалкам забараніць рэкламу піва

Мінздароўя Беларусі хоча цалкам забараніць рэкламу піва

Цалкам забараніць рэкламу піва і абмежаваць рэкламу шкодных прадуктаў для дзяцей плануецца ў Беларусі, перадае БелаПАН. Такія меры прадугледжвае дзяржпраграма "Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь" на 2016-2020 гады. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 22 верасня заявіў першы намеснік міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч.

Пад шкоднымі прадуктамі маюцца на ўвазе, напрыклад, разнастайныя газаваныя напоі.

Плануецца таксама змяніць нарматывы па ўтрыманні цукру і солі ў прадуктах. У прыватнасці, гаворка ідзе пра ўтрыманне цукру перш за ўсё ў кісламалочнай прадукцыі для дзяцей, а таксама па ўтрыманне солі ў кілбасных і хлебабулачных вырабах.

Гэтыя ды іншыя меры, па словах Піневіча, неабходныя, бо ў Беларусі на артэрыяльную гіпертэнзію пакутуюць больш за 40% мужчын і 38% жанчын, гіперхалестэрынемія сустракаецца ў паловы мужчын і траціны жанчын працаздольнага ўзросту. 24% жыхароў Беларусі маюць недастатковую фізічную актыўнасць, а залішнюю масу цела — больш за 40% насельніцтва краіны.

Па ацэнках спецыялістаў Мінздароўя, значная частка насельніцтва Беларусі харчуецца няправільна. Беларусы зашмат спажываюць жывёльных тлушчаў, простых вугляводаў, солі, а вось спажыванне вітамінаў і мінералаў — недастатковае.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, сярэднесутачнае спажыванне садавіны і гародніны на аднаго жыхара Беларусі складае 350-450 грамаў. А Сусветная арганізацыя аховы здароўя рэкамендуе 600 грамаў у дзень.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі