Мінздароўя шпіталізуе студэнтаў БДУ, што маглі кантактаваць з заражаным
Дэзінфекцыя медыкаў у Беларусі / Reuters
У БДУ шпіталізуюць студэнтаў, якія маглі быць інфікаваныя каранавірусам. Шпіталізацыя і санітарная апрацоўка памяшканняў адбываецца з-за таго, што ва ўніверсітэце ў аднаго са студэнтаў быў выяўлены РНК каранавіруса. Гэта сын грамадзяніна, які вярнуўся з Італіі і схаваў інфармацыю пра паездку, у якога ў далейшым выявілі каранавірус.
"Сёння вечарам і ноччу частка студэнтаў БДУ, якія маглі мець кантакт з "станоўчым" студэнтам, будуць змешчаны ва ўстановы аховы здароўя для далейшага медыцынскага абследавання. Пры атрыманні адмоўных тэстаў і магчымасці ізаляванага пражывання, большая частка студэнтаў будзе адпушчаная дахаты", — гаворыцца ў прэс-рэлізе Міністэрства аховы здароўя.
Міністэрства ацэньвае верагоднасць шырокага распаўсюджвання каранавіруса сярод студэнтаў як невысокую. І заяўляе, што прымае ўсе меры для таго, каб мінімізаваць ачаг распаўсюджвання інфекцыі.
Пакуль няма дадзеных пра тое, колькі студэнтаў было шпіталізавана. Таксама не паведамляецца колькасць станоўчых тэстаў. Міністэрства аховы здароўя абяцае, што яны будуць прадстаўлены пазней. Санітарна-эпідэміялагічная служба выяўляе кантакты "першага і другога ўзроўню".
"Сітуацыя ў краіне кіраваная і ў нашых сілах спыніць распаўсюд інфекцыі", — заяўляе Міністэрства аховы здароўя.
У сувязі з сітуацыяй з каранавірусам Міністэрства аховы здароўя наракае, што да гэтага часу сустракаюцца факты неразумення з боку беларускіх грамадзян — спробы выхаду з устаноў аховы здароўя, утойванне інфармацыі аб паездках у эпідэміялагічна неспрыяльныя рэгіёны, а таксама адрасы знаходжання.
Па дадзеных за 13 сакавіка, у Беларусі — 24 чалавекі застаюцца ў лякарнях з пацьверджанным каранавірусам. Тры чалавекі былі выпісаныя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.