Мітрапаліт Філарэт — супраць смяротнага пакарання
Пра гэта кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы адказаў у лісце на зварот Тамары Сялюн, чыйго сына прыгаварылі да найвышэйшай меры пакарання.
Мітрапаліт Філарэт падкрэсліў, што БПЦ выступае супраць смяротнага пакарання ў Беларусі.
У лісце за подпісам мітрапаліта, які цытуе праваабарончы сайт "Вясна", гаворыцца: “Беларуская праваслаўная царква прыкладае намаганні, каб смяротныя прысуды ў нашай краіне не выконваліся, што цалкам адпавядае палажэнням, выкладзеным у “Асновах сацыяльнай канцэпцыі Рускай праваслаўнай царквы. Хрысціянскае маральнае выхаванне выхавала ў свядомасці людзей адмоўнае стаўленне да смяротнага пакарання. Адмена смяротнага пакарання дае больш магчымасцяў для пастырскай працы з тым, хто аступіўся, і для яго ўласнага пакаяння”.
Ліст мітрапаліта Філарэта накіраваны таксама ў камісію па памілаванні пры Адміністрацыі прэзідэнта. Ён далучаны да матэрыялаў справы Паўла Селюна і будзе ўлічаны пры разглядзе хадатайніцтва аб памілаванні.
Як паведамлялася раней, сёлета 12 чэрвеня Гродзенскі абласны суд прызнаў Паўла Селюна вінаватым па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: забойства дзвюх асоб, учыненае з асаблівай жорсткасцю, крадзеж; здзек з трупаў, крадзеж асабістых дакументаў. Па сукупнасці злачынстваў Селюна прысудзілі да смяротнай кары. Вярхоўны суд пакінуў у сіле прысуд.
Маці асуджанага, як і ён сам, звярнулася да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай аб памілаванні. Таксама Павел Сялюн праз свайго прадстаўніка Андрэя Палуду звярнуўся ў Камітэт па правах чалавека ААН.
Фота — pravrog.by