Мітрапаліт Кандрусевіч спадзяецца, што Папа Рымскі наведае Беларусь
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч спадзяецца, што Папа Рымскі наведае Беларусь. Пра гэта ён распавёў журналістам у Мінску 15 снежня, перадае БЕЛТА.
У 2018 годзе папа Францішак плануе наведаць Літву, Латвію, Эстонію. "Мы б хацелі бачыць Папу у сябе. Мы молімся, але гэта не наша кампетэнцыя", — дадаў мітрапаліт Кандрусевіч.
Раней Еўрарадыё паведамляла, што візіт Папы Рымскага ў Вільню запланаваны на восень наступнага года.
Гаворкі пра візіт пантыфіка ў Беларусь вядуцца ўжо шмат гадоў. За гэты час кіраўнік Беларусі сустрэўся ў Ватыкане з двума рымскімі папамі — Бенедыктам XVI і Францішкам. З цяперашнім папам ён сустракаўся ў 2016 годзе. Аляксандр Лукашэнка запрасіў папу Францішка наведаць Беларусь. Сёлета ў верасні беларускі кіраўнік прапанаваў правесці ў Беларусі сустрэчу Папы Рымскага і маскоўскага Патрыярха.