МНС Беларусі раіць, што рабіць у выпадку пераахаладжэння
МНС Беларусі раіць, што рабіць у выпадку пераахаладжэння. У нашай краіне прагназуецца пахаладанне — месцамі да -29 градусаў. Прыкметы пераахаладжэння: бледнасць скуры, дрыжыкі, здранцвенне канечнасцяў, страта каардынацыі рухаў, затарможанасць, страта прытомнасці, тэмпература цела 35 градусаў і ніжэй.
У моцны мароз трэба выходзіць на вуліцу здаровым, не галодным, не сонным і поўным сіл, пішуць ратавальнікі. Яны раяць не выходзіць на мароз з вільготнымі пасля душа валасамі, бо захварэць у такім разе вельмі проста. Таксама варта адмовіцца ад спіртнога, якое выклікае ілюзію цяпла, забыцца пра курэнне (яно памяншае перыферыйную цыркуляцыю крыві, што робіць канечнасці больш уразлівымі). А вось гарбата пажаданая — і перад выхадам на вуліцу і пасля вяртання дахаты.
Адзенне павінна быць цёплым, функцыянальным і свабодным. Трывалы падмурак для ахалоджвання — цесны абутак, адсутнасць вусцілкі, сырыя шкарпэткі. Для шчок і падбародка можна выкарыстоўваць цёплы шалік (або адмысловы крэм). Калі падчас прагулкі дзіця замерзла, ратавальнікі раяць тэрмінова несці яго дадому або ў любое цёплае месца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.