Мужчына падпаліў дом, дзе былі яго грамадзянская жонка з малой дачкой
Следчы камітэт пачаў крымінальную справу за пагрозу забойствам і наўмыснае знішчэнне маёмасці, учыненае агульнанебяспечным спосабам.
Здарэнне адбылося 27 верасня ў адной з вёсак Чашніцкага раёна. 36-гадовы мужчына пасварыўся са сваёй грамадзянскай жонкай падчас падзелу сумесна нажытай маёмасці. У выніку мужчына падпаліў дом, у якім знаходзіліся жанчына і яе малалетняя дачка.
Падчас пажару адбыўся выбух пароў бензіну. Выбуховай хваляй жанчыну з дзіцём выкінула з дома праз дзверы, мужчыну — праз акно. Пасля гэтага падпальшчык уцёк у лес каля вёскі. Міліцыянты затрымалі яго толькі праз два дні. У цяперашні час жыццю людзей нічога не пагражае.
Затрыманаму выставілі абвінавачванне ў пагрозе забойствам і наўмысным знішчэнні маёмасці. Яго ўзялі пад варту. Расследаванне працягваецца.