Мужчына паказаў супрацоўнікам ДАІ фальшывае пасведчанне кіроўцы

Мужчына паказаў супрацоўнікам ДАІ фальшывае пасведчанне кіроўцы

У Баранавічах мужчына паказаў супрацоўнікам ДАІ фальшывае пасведчанне кіроўцы. Мясцовы жыхар быў спынены для праверкі дакументаў пры кіраванні аўтамабілем. Сапраўднасць яго пасведчання кіроўцы выклікала ў даішнікаў сумненні.

Пасля праведзенай экспертызы 20 верасня Баранавіцкім міжраённым аддзелам Следчага камітэта была распачатая крымінальная справа. Пасведчанне было прызнанае фальшывым.

Вось што распавяла Еўрарадыё афіцыйная прадстаўніца ўпраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці Марына Дранькова:

"З прычыны візуальных прыкмет, якія выклікалі сумненні ў сапраўднасці пасведчання кіроўцы, яно было накіраванае для правядзення крыміналістычнай экспертызы. Згодна з заключэннем, апошняе было выраблена спосабам афсетнага і кропельна-струменевага друку на друкарскіх прыладах, якія адрозніваюцца ад тых, што выкарыстоўваюцца пры вытворчасці дадзенага дакумента. Са слоў падазраванага, падробленае пасведчанне кіроўцы, зробленае на яго імя, ён набыў за межамі Рэспублікі Беларусь".

Мужчына нідзе не працуе. Раней ён ужо прыцягваўся да крымінальнай адказнасці. Цяпер за выкарыстанне падробленага дакумента яму пагражае да 2 гадоў пазбаўлення волі. Дарэчы, у 2013 годзе мужчына быў пазбаўлены права кіравання транспартнымі сродкамі.

Фота: Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі