Мужчыну, які заклікаў стварыць "Уральскую рэспубліку", адпусцілі з вар'ятні
Савецкі раённы суд Чалябінска пастанавіў спыніць прымусовае лячэнне Аляксея Марошкіна ў псіхіятрычнай лякарні. Мужчына быў асуджаны за заклікі да стварэння "Уральскай народнай рэспублікі" — па аналогіі з так званымі "ДНР" і "ЛНР" ва Украіне, перадае Бі-Бі-Сі. Суд вырашыў, што пацыент не ўяўляе небяспекі для навакольных і не мае патрэбы ў лячэнні ў стацыянарных умовах.
Справу на Марошкіна пачалі ў жніўні 2015 года. Яго абвінавацілі ў закліках да парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці Расіі. Мужчына крытыкаваў у сацсетках палітыку расійскіх уладаў, якія падтрымлівалі так званыя "ДНР" і "ЛНР" ва Украіне. У адказ ён прапаноўваў стварыць "Уральскую народную рэспубліку".
Дарэчы, сваю пазіцыю ён абгрунтоўваў рэлігійнымі поглядамі: з 2013 года мужчына называе сябе кіраўніком "царквы Чалябінскага метэарыта".
Марошкіну пагражала да пяці гадоў турэмнага зняволення. Аднак судова-псіхіятрычная экспертыза паставіла яму дыягназ "шызафрэнія", і лекары палічылі яго небяспечным для навакольных. Цяпер лекары мяркуюць, што ў яго наступіла "эмацыйная стабільнасць".