Мясніковіч расказаў Лукашэнку, як працуе маніторынгавая група
Па словах старшыні Савета Рэспублікі, усе прапановы групы накіроўваюцца ва ўрад або ў Нацбанк.
6 красавіка Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклад старшыні Савета Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча. Той распавёў пра першыя вынікі працы маніторынгавай групы, узначаленай ім. Нагадаем, што гэтая група павінна выпрацоўваць канкрэтныя прапановы па актуальных пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі.
Па выніках дакладу Мясніковіч расказаў журналістам, што маніторынгавая група вывучае праблемы, выязджаючы ў рэгіёны і на канкрэтныя прадпрыемствы. Там яна заслухоўвае меркаванні кіраўніцтва гэтых арганізацый і прадстаўнікоў мясцовай улады, перадае БЕЛТА. Усе прапановы група накіроўвае па прызначэнні ва ўрад або Нацбанк, адзначыў Мясніковіч.
Ён адзначыў, што найперш група звяртае ўвагу на сістэма- і горадаўтваральныя прадпрыемствы, такія як МАЗ, трактарны завод, "Гомсельмаш".
Мясніковіч лічыць, што вытворчасць у Беларусі трэба развіваць па двух напрамках. Па-першае, гэта прамысловасць, якая арыентуецца на мясцовую сыравіну і працуе па поўным тэхналагічным цыкле, аж да вытворчасці канчатковай прадукцыі. Другі напрамак — навукаёмістыя вытворчасці. Па словах Мясніковіча, гэта такія сферы, як оптыка, дакладная механіка, мікраэлектроніка, ІТ-тэхналогіі. Мясніковіч лічыць, што навукаёмістым інавацыйным вытворчасцям найперш трэба аказваць дзяржаўную падтрымку.
Фота — ctv.by