Мяжу ў Чарнобыльскай зоне абсталююць відэакамерамі
Перад беларускімі памежнікамі пастаўленая задача ўмацаваць ахову дзяржаўнай мяжы па контуры Чарнобыльскай зоны. Пра гэта ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" паведаміў старшыня Памежнага камітэта Анатоль Лапо.
Па яго словах, на самай лініі мяжы існуе "вельмі вялікае заражэнне" і людзі туды хадзіць не павінныя. "Мы зараз ахоўваем беспілотнікам, але ў далейшым плануем цалкам у так званай зоне адчужэння ўсталяваць камеры відэаназірання і стварыць цэнтр аператыўнага кіравання ў Хойніках", — падзяліўся ён планамі.
Мяркуецца, што кантраляваць сітуацыю на ўчастку мяжы ў 370 кіламетраў будуць шэсць аператараў. Ужо абсталёўваюць будынак для іх працы. Арганізаваць такую працу плануецца самым бліжэйшым часам — ужо ў 2020-2021 гадах.
Неабходнасць такога кроку Лапо патлумачыў тым, што "негатыўныя элементы" парушаюць мяжу, не баючыся радыяцыі. Часцяком гэта адбываецца пад выглядам экстрэмальнага турызму ў Чарнобыльскую зону.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.