Украінцы ставяць антыдронавыя сеткі на мяжы з Беларуссю

Вайскоўцы ставяць антыдронавыя сеткі, ілюстрацыйнае фота

Вайскоўцы ставяць антыдронавыя сеткі, ілюстрацыйнае фота / 23 інжынерна-пазіцыйны полк УСУ

У Валынскай вобласці Украіны плануецца паставіць антыдронавыя сеткі ў населеных пунктах каля беларускай мяжы. Пра гэта заявіў часовы выканаўца абавязкаў начальніка Валынскай абласной ваеннай адміністрацыі Раман Раманюк, перадае hromadske.ua.

Антыдронавыя сеткі паставяць на асобных участках дарог. Раманюк сцвярджае, што небяспека з боку Беларусі захоўваецца. Таксама ён дадае, што ў Валынскай вобласці ўладкавалі інжынерныя загароды і ўмацавалі абарончыя пазіцыі.

"Мы павінны быць максімальна гатовымі да любога развіцця падзей. Валынь сёння з'яўляецца адной з найлепш падрыхтаваных прыгранічных абласцей Украіны, і гэтую працу неабходна працягваць", — сказаў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі.

Аб росце пагроз з боку Беларусі афіцыйны Кіеў заявіў у траўні. Украінская разведка сцвярджала, што Крэмль спрабуе далучыць Беларусь да новых агрэсіўных аперацый. Пра верагоднасць наступальных аперацый з тэрыторыі Беларусі казаў і галоўнакамандуючы Узброеных Сіл Украіны Аляксандр Сырскі.

Украінскі бок неаднаразова паведамляў, што расійскія дроны атакуюць у тым ліку праз тэрыторыю Беларусі. Таксама беларускія недзяржаўныя СМІ расказвалі аб пралёце расійскіх дронаў праз нашу тэрыторыю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.