Мытнікі канфіскавалі ў мінчука 7,5 тысячы бляшанак са снюсам
Супрацоўнікі Мінскай рэгіянальнай мытні канфіскавалі каля 7500 бляшанак снюсу — некурыльнай тытунёвай сумесі, паведамляе прэс-служба Мытнага камітэта.
На адрас 19-гадовага мінчука экспрэс-дастаўкай прыйшлі дзве пасылкі з Расіі. У дакументах былі напісаныя цукеркі, але насамрэч у пасылках было 4,5 тысячы слоікаў са снюсам. Гэтая сумесь забароненая для абарачэння на тэрыторыі Беларусі.
Пры ператрусе выявілася, што ў гаражы хлопец трымаў яшчэ 3 тысячы слоікаў з падобным змесцівам. Судэксперты пацвердзілі, што ва ўсіх 7500 бляшанках быў снюс.
Агулам мытнікі канфіскавалі каля 50 кг снюсу. Партыя ацэньваецца ў 90 тысяч рублёў (больш за 40 тысяч долараў).
На юнака склалі адміністрацыйны пратакол. Суд аштрафаваў яго на 510 рублёў (20 базавых велічыняў) і пастанавіў канфіскаваць тытунёвыя вырабы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.