Мытня судзіцца з фермерам, у якога забрала 5,5 тысяч еўра

Але сам фермер упэўнены, што гэта зрабілі незаконна. Ён спрабаваў задэклараваць грошы, але іх канфіскавалі… як кантрабанду.
Пётр Калганаў, уладальнік фермерскай гаспадаркі, спазняўся на рэгістрацыю рэйса ў нацыянальным аэрапорце “Мінск”, таму вырашыў запоўніць мытную дэкларацыю не на ўваходзе, а ў зоне памежнага кантролю. Але чырвоны канал, праз які мусяць ісці ўсе, хто вязе лішнія грошы, па словах Пятра, аказаўся зачыненым. 

Пётр Калганаў: “Чырвоны канал зачынены, я бачу мытніка за зялёнай зонай метрах у 15 ад сябе. Я падыходжу і кажу, што ў мяне 8 тысяч еўра і мне трэба іх задэклараваць. Ён забраў у мяне пашпарт і падвёў да чырвонай стойкі”.


Чырвоны канал 5 тэрмінала зачынены, але адчынены ў 6 тэрмінале. Мытнікі лічаць, што Пётр павінен быў пайсці туды, хаця пасадка на яго рэйс праходзіла праз 5 тэрмінал.

Правезці праз мяжу без дэкларацыі можна да 3 тысяч долараў, большую суму трэба дэклараваць. Па вялікім рахунку, хаваць гэтыя грошы няма сэнсу, бо плаціць з іх падаткі ці пошліны не трэба.

Свае 8 тысяч еўра Пётр хацеў задэклараваць, але іх пералічылі і забралі за спробу правезці кантрабандай.

“Грошыкі мае ў пашпарт паклалі, і пайшлі мы па чырвоным канале назад. На відэа (камеры назірання аэрапорта — Еўрарадыё) бачна, як мытнік прыбірае шлагбаум, прапускае мяне, кліча другога мытніка і зноў зачыняе чырвоны канал. Яны ўдваіх уводзяць мяне на другі паверх, здымаюць з рэйса і пакідаюць мяжу без кантролю”.

Справу перадалі ў аддзел мытных расследаванняў, але там паглядзелі відэа і адмовіліся яе прымаць.

"Як яны гэтую папачку ім перадалі, так яе назад і вярнулі. Яны пры мне кажуць: "Што вы загналі чалавека ў капкан? Куды яму было падзецца?"

У выніку аддзел па барацьбе з кантрабандай, спаслаўшыся на тое, што быў адчынены чырвоны канал у шостым сектары, які знаходзіцца побач, накіраваў справу ў суд.

Начальнік аддзела па барацьбе з кантрабандай Дзяржаўнага мытнага камітэта Андрэй Міхалькевіч кажа, што пра справу гэтую ведае, але па яго словах, сітуацыя выглядае зусім інакш.

“У аэрапорце "Мінск-2" вядзецца стацыянарны відэазапіс, і ў нас была магчымасць праверыць дакладнасць гэтых звестак, але, на жаль, яны не пацвердзіліся. Калі б ўсё так адбывалася, гэта б і з нашага боку выклікала абурэнне дзеяннямі супрацоўнікаў мытні”.

Андрэй Міхалькевіч адзначае, што калі б чалавек сам паказаў грошы, прэтэнзій да яго не было б.

Аднак Пётр Калганаў сцвярджае, што чырвоны калідор быў зачынены, таму ён прайшоў праз зялёны і адразу паведаміў мытнікам, што мае 8 тысяч еўра, якія неабходна задэклараваць.

Але, як аказалася, праход праз зялёны калідор без дэкларацыі аўтаматычна лічыцца парушэннем. Ці можа быць такое, каб чырвоны калідор быў зачынены? Еўрарадыё пацікавілася ў адваката Пятра Таццяны Аляксееўны.

“Каналы павінны працаваць пастаянна, і інспектары мытні павінны быць на сваіх месцах. Ёсць такая інструкцыя Мытнага камітэта. Згодна з тлумачэннямі Пятра, іх там не было. Зачыніла калідор служба авіяцыйнай бяспекі. Мы туды напісалі зварот, каб даведацца, чаму быў зачынены канал і навошта”.

Паводле словаў адваката, такія выпадкі здараюцца нярэдка і, як правіла, выйграць іх не ўдаецца.

"У канцылярыі, дзе я быў, сядзяць маладыя дзяўчаты — звычайныя сакратаркі суда. Яны распавялі, што за гісторыю не было ніводнага выпадку, каб вярнулі грошы. У аддзеле мытных расследаванняў кажуць, што складаецца па 7 падобных пратаколаў на дзень. У пакаранні, прадугледжаным за гэта, ёсць штраф і канфіскацыя, але ў канцылярыі суда мне сказалі, што заўсёды даюць і штраф, і канфіскацыю", — не спадзяецца на справядлівасць Пётр Калганаў.

Цяпер справу будзе разглядаць суд. Але пакуль ёсць толькі словы Пятра супраць словаў супрацоўніка мытні, які складаў пратакол. Вырашыць сітуацыю дапаможа відэа. Праўда, пакуль да матэрыялаў справы далучылі толькі здымкі, на якіх амаль нічога не бачна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі