МЗС заявіў, што Беларусі найбольшая эканамічная шкода — ад Расіі

Абмежавальныя меры, якія выкарыстоўвае Расійская Федэрацыя ў гандлі з Беларуссю, наносяць найбольшую эканамічную шкоду. Пра гэта заявіла Міністэрства замежных справаў Беларусі. Па звестках МЗС, якія перадае БелаПАН, цяпер у гандлі з Беларуссю замежныя дзяржавы ўжываюць 28 абмежавальных мераў, у тым ліку дзевяць — антыдэмпінгавых і пяць — спецыяльных ахоўных. У прыватнасці, Украіна ўжывае шэсць мераў, ЕС — чатыры, Індыя і ЗША — па дзве, Малдова і Кыргызстан — па адной.

Расія выкарыстоўвае найбольшую колькасць абмежавальных мераў — 12. Як заяўляюць беларускія дыпламаты, у Расіі створаныя няроўныя канкурэнтныя ўмовы для беларускіх вытворцаў, якія ўдзельнічаюць у тэндэрах сістэмы дзяржзакупаў. Дзейнічаюць таксама абмежаванні на доступ беларускай аўтамабільнай і камунальнай тэхнікі, якая выпускаецца на тэрыторыі Расіі, да закупу з выкарыстаннем субсідый. У лік абмежаванняў у МЗС залічваюць і мыта на нафтапрадукты, якія пастаўляюцца ў Беларусь з Расіі.

Нагадаем, у канцы траўня Міністэрства эканамічнага развіцця Расіі заявіла, што максімальная колькасць абмежавальных мер для расійскіх тавараў дзейнічае ў Беларусі. Расійскія спецыялісты налічылі 22 абмежавальныя меры ў Беларусі, у краінах ЕС — 17, Украіне — 10, ЗША — 9.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі