На 20 капеек больш: Саўмін перагледзеў выдаткі на харчаванне дзяцей у школах
Абед у школьнай сталоўцы / TUT.BY
У Беларусі павялічаныя нормы выдаткаў на харчаванне ва ўстановах адукацыі. Гэта прадугледжана пастановай урада. Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым партале.
Для дашкольнікаў дзённыя выдаткі на харчаванне ва ўстановах адукацыі (садках і цэнтрах развіцця) павялічаныя ў сярэднім на 25-40 капеек. Калі раней у залежнасці ад часу, які праводзіцца ў садку, на харчаванне дзіцяці закладвалі ад 2,5 да 3,91 рубля, то цяпер ад 2,75 да 4,3 рубля.
У школах, гімназіях і ліцэях на харчаванне з гэтага часу будзе прадугледжана 2,86 рублёў. Раней было 2,67. Такім чынам, рост склаў менш за 20 капеек.
На бясплатнае аднаразовае харчаванне ў Беларусі маюць права перш за ўсё вучні малодшай школы і ўсе школьнікі з вясковай мясцовасці. Больш за адзін раз бясплатна ядуць у школе дзеці са шматдзетных і малазабяспечаных сем'яў.
Мінулым разам нормы выдаткаў на харчаванне ва ўстановах адукацыі пераглядалі ў ліпені 2019 года. Нагадаем, летась інфляцыя ў Беларусі дасягнула рэкорднага за апошнія 4 гады паказчыка ў 7,4%.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.