На бягучым тыдні ў Беларусі чакаюцца дажджы, навальніцы і мокры снег
На бягучым тыдні ў Беларусі будзе халаднаватае надвор'е, чакаюцца дажджы і нават мокры снег. У аўторак, 19 красавіка, у начныя гадзіны ападкі магчымыя толькі месцамі, у дзённыя — дажджы пройдуць амаль па ўсёй краіне, у асобных раёнах — навальніцы. Тэмпература паветра ўначы складзе 1-7 градусаў цяпла (пры праясненнях — да мінус 2), удзень — ад 9 да 15 градусаў са знакам плюс, паведаміў БЕЛТА начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Дзмітрый Рабаў.
У сераду, 20 красавіка, удзень дажджы зноў пройдуць амаль па ўсёй тэрыторыі Беларусі (месцамі — мокры снег). Чакаецца ўзмацненне ветру з парывамі да 15-20 метраў за секунду. У начныя гадзіны тэмпература паветра складзе 1-6 цяпла, у дзённыя — ад 4 градусаў са знакам плюс на поўначы да 11 градусаў на Гомельшчыне.
У чацвер, 21 красавіка, удзень дажджы і мокры снег прагназуюцца толькі на ўсходзе краіны. Магчымы моцны вецер. Уначы будзе ад мінус 3 градусаў да 3 цяпла, удзень — ад 4 да 11 градусаў вышэй за нуль. У пятніцу, 22 красавіка, кароткачасовыя дажджы ў дзённыя гадзіны пройдуць амаль па ўсёй Беларусі, на паўночным усходзе — з мокрым снегам. У начныя гадзіны тэмпература паветра складзе ад 3 марозу да 4 градусаў са знакам плюс, у дзённыя — 6-13 цяпла (на поўдні — да 15 градусаў).
У суботу, 23 красавіка, дажджы магчымыя толькі месцамі, на поўначы — мокры снег. Уначы будзе 1-6 цяпла, удзень — 6-13 градусаў са знакам плюс. Падобнае надвор'е захаваецца і ў нядзелю, 24 красавіка.