На чацвер у Беларусі абвешчанае штармавое папярэджанне
Замаразкі, ілюстрацыйнае фота / pexels.com
У чацвер, 30 красавіка, у Беларусі чакаецца воблачнае з праясненнямі надвор'е, паведамляе Белгідрамет.
Будзе пераважна без ападкаў. Вецер прагназуецца паўночна-заходні ўмераны.
Уначы ў многіх раёнах будуць замаразкі 0...-5 градусаў. У сувязі з гэтым сіноптыкі абвясцілі штармавое папярэджанне. Месцамі мінімальная тэмпература паветра складзе 1-3 градусы са знакам "плюс". Удзень чакаецца 7-12 градусаў цяпла.
1 траўня надвор'е будзе воблачнае з праясненнямі. Месцамі па Беларусі пройдуць невялікія кароткачасовыя ападкі — дождж, уначы і зранку магчымы мокры снег. Вецер будзе заходняй чвэрці ад слабога да ўмеранага.
Тэрмометры ўначы пакажуць 1-5 градусаў цяпла, пры праясненнях прагназуюцца замаразкі 0...-3 градусы. Удзень чакаецца ад +8 градусаў па паўднёвым усходзе да +17 градусаў па захадзе краіны.