Здарэнне ў Слоніме: 10 тысяч чалавек засталіся без цяпла (фота)
Увечары 17 сакавіка на кацельную звалілася 80-метровая труба. Пацярпеў адзін чалавек.
Як паведамляе прэс-служба МНС, труба часткова абрынулася на тэрыторыі Слонімскай камвольна-прадзільнай фабрыкі. Быў пашкоджаны будынак кацельнай. На той момант там знаходзіліся на змене чатыры чалавекі. З іх пацярпеў толькі 61-гадовы слесар па рамонце газавага абсталявання, якога шпіталізавалі.
Пасля таго, як абрынулася труба, аўтаматыка адключыла падачу газу да катлоў, узгарання не адбылося. Без цяпла з-за адключэння кацельнай засталося само прадпрыемства, 126 шматкватэрных жылых дамоў (у іх жыве каля 10 тысяч чалавек), 6 інтэрнатаў, 3 сярэднія школы, 7 дзіцячых садкоў і 1 сацыяльны прытулак. Вядуцца аднаўленчыя работы, на месцы працуе раённая камісія па надзвычайных сітуацыях і аператыўныя групы. Прычына здарэння пакуль невядомая.
Фота — mchs.gov.by