На Гродзеншчыне без электрычнасці заставаліся дзясяткі населеных пунктаў
На Гродзеншчыне ўвечары 8 лістапада без электрычнасці заставаліся дзясяткі населеных пунктаў. Прычынай стаў моцны вецер, які абрываў лініі электраперадач. Як інфармуе прэс-служба МНС, у Гродзенскім раёне без святла пяць гадзінаў былі жыхары чатырох населеных пунктаў. У Мастоўскім раёне на тры гадзіны засталіся без электрычнасці 9 вёсак. На Слонімшчыне 13 населеных пунктаў заставаліся без святла на працягу двух гадзінаў.
Адзначаецца, што падача электраэнергіі адноўленая. Аб'екты жыццезабеспячэння ў зону адключэння не трапілі.
8 лістапада каля 14-й гадзіны адбылося аварыйнае адключэнне электрычнасці ў Гродне. Без святла засталіся 9 шматкватэрных дамоў. На ліквідацыю наступстваў аварыі спатрэбілася крыху больш за гадзіну. Прычынай адключэння стала замыканне электраправодкі ў трансфарматарнай падстанцыі.
Фота: ria.ru