На Гродзеншчыне моцны вецер пакінуў без электрычнасці дзве вёскі
Ахвярамі стыхіі на Гродзеншчыне 30 траўня сталі дахі некалькіх сельгаспабудоў і дзве вёскі, якія засталіся без току. Прычынай стаў моцны вецер, парывы якога дасягалі 20 метраў за секунду, перадае прэс-служба МНС.
Паводле звестак ратавальнікаў, у Смаргонскім раёне пашкоджаныя дахі дзевяці сельскагаспадарчых будынкаў і трох жылых дамоў. Пацярпелых няма.
У трох выпадках спатрэбілалася дапамога ратавальнікаў, каб распілаваць паваленыя ветрам дрэвы. У прыватнасці, дрэвы зваліліся на праезную частку дарогі ў вёсках Навумавічы Гродзенскага раёна і Юхнавічы Слонімскага раёна, а таксама на дом у вёсцы Пушкары Гродзенскага раёна.
Акрамя таго, вецер пакінуў без электрычнасці вёску Навумавічы ў Гродзенскім раёне і Пастарыні-3 ў Смаргонскім. Без святла заставаліся агулам 113 жылых дамоў. У першым выпадку на лінію электраперадач звалілася дрэва, у другім — драты парвала ветрам.
Падача электрычнасці ў абедзве вёскі ўжо адноўленая.