На Канарскіх выспах затрымалі яхту з паўтонай какаіну
Пра затрыманне яхты іспанскія ўлады паведамілі 1 жніўня, хаця сам арышт адбыўся 17 ліпеня ў нейтральных водах каля Канарскіх выспаў.
Апроч наркотыкаў, на яхце былі выяўленыя некалькі адзінак зброі, у тым ліку два пісталеты-кулямёты. Знайшліся там і каштоўнасці коштам прыкладна 135 тысяч еўра, а таксама 40 тысяч еўра гатоўкай. Паліцыя арыштавала пяць чалавек, якія былі на яхце — двух іспанцаў, ірландца, амерыканца і аўстралійку.
Затрыманне стала часткай аперацыі па спыненні дзейнасці буйной злачыннай арганізацыі, якая дастаўляла наркотыкі ў Іспанію з Паўднёвай Амерыкі, адзначае Lenta.ru. Дарэчы, Іспанія з'яўляецца асноўнай кропкай увозу наркотыкаў у Еўропу з Паўднёвай Амерыкі. Летась улады краіны канфіскавалі ў наркадылераў больш за 20 тон какаіну і 325 тон гашышу.
Фота — AFP