На "Лістападзе" пакажуць фільм Куцілы "Стрыптыз і вайна", "забанены" Мінкультам
Афіша "Лістапада" / listapad.com
На 26-м міжнародным кінафестывалі "Лістапад", які пройдзе ў Мінску з 1 да 8 лістапада, пакажуць 154 фільмы з 50 краін — будуць карціны нават з Судана і Сенегала! Слоган фэсту — "Да радасці" (назва фільма Інгмара Бергмана, 1950 год).
Пра гэта 10 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Falcon Club расказалі арганізатары фестывалю. Яны абвясцілі праграму ігравога і дакументальнага кіно, конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі "Лістападзік".
Цікава, што ў асноўным конкурсе дакументальнага кіно ўдзельнічаюць дзве карціны беларускіх рэжысёраў — "Абход" Віктара Аслюка і "Стрыптыз і вайна" Андрэя Куцілы. Летась Мінкульт парэкамендаваў дырэкцыі "Лістапада" не ўключаць фільм Куцілы і працы іншых маладых аўтараў у Нацыянальны конкурс. Сітуацыя выклікала скандал: кінасупольнасць абвінаваціла камісію на чале з Ірынай Дрыга ў цэнзуры. У знак пратэсту некаторыя рэжысёры знялі свае фільмы з конкурсу.
Яшчэ адна дакументальная праца беларускай рэжысёркі Анастасіі Лашкевіч з Беларускай акадэміі мастацтваў, "Мой французскі дзядзька", будзе прадстаўлена ў конкурсе нацыянальных кінашкол.
Дарэчы, сёлета дакументальныя фільмы пераедуць з кінатэатра "Мір" у ТРЦ Galileo у кінатэатр Silver Screen. Па словах Ірыны Дзям'янавай, дырэктара праграм дакументальнага кіно, залы ў Silver Screen больш падыходзяць для прагляду дакументалак — яны невялікія і ўтульныя.
Усяго ў конкурсе нацыянальных кінашкол будзе прадстаўлена 22 фільмы і 15 кінашкол, у асноўным конкурсе дакументальнага кіно — 13 фільмаў, у "Маладосці на маршы" — 12 карцін, у "Лістападзіку" — 8 і ў асноўным конкурсе ігравога кіно — 12 фільмаў.
У час размовы з прэсай Ігар Сукманаў, дырэктар праграм ігравога кіно і "Лістападзіка", параіў звярнуць увагу на фільмы з грузінскімі каранямі — "А потым мы танцавалі" (Леван Акін, Грузія/Швецыя), "Злачынны чалавек" (Дзмітрый Мамулія, Грузія/Расія), "Удых-выдых" (Дзіта Цынцадзэ, Грузія/Расія).
Білеты на цырымонію адкрыцця і закрыцця фестывалю паступяць у продаж 21 кастрычніка. Іх можна будзе набыць за 20 рублёў у касах кінатэатра "Масква" і анлайн. Білеты будуць каштаваць ад 2,50 да 7 рублёў.
Фільмам закрыцця стане стужка нямецкага рэжысёра Марка Шліхтэра "Альфонс Цытэрбаке — адлік пайшоў". Фільм-адкрыццё арганізатары абяцаюць абвясціць на наступным тыдні.
Паказ фільмаў і мерапрыемствы "Лістапада" будуць праходзіць у кінатэатрах "Беларусь", "Масква", "Піянер", "Цэнтральны", Falcon Boutique Кіно, у Silver Screen у Galileo і ў Музеі гісторыі беларускага кіно.
15 кастрычніка арганізатары фестывалю абвесцяць праграму Нацыянальнага конкурсу і Індустрыяльнай платформы, а таксама пазаконкурсныя івэнты фестывалю.