На Міншчыне прыпыненая праца 10 мясных прадпрыемстваў
Беларускія спецыялісты прыпынілі дзейнасць 10 мясных прадпрыемстваў Мінскай вобласці, паведамляе сайт Рассельгаснагляду.
Расійскае ведамства нагадвае, што з 6 лютага яно ўвяло часовыя абмежаванні на пастаўкі ялавічыны і ялавічных субпрадуктаў з Мінскай вобласці ў Расію. Гэта абгрунтоўвалася шматлікімі парушэннямі патрабаванняў Еўразійскага эканамічнага саюза і Расійскай Федэрацыі, а таксама сумневамі ў беларускім паходжанні прадукцыі, якая пастаўлялася ў Расію.
Пасля гэтага ветэрынарная і санітарная службы Мінскай вобласці правялі праверкі прадпрыемстваў Мінскай вобласці. Падчас іх былі выяўленыя парушэнні ўмоваў вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі. Таму да выпраўлення выяўленых парушэнняў прыпыненая дзейнасць дзесяці прадпрыемстваў: ААТ "АгроснабкомплектПлюс", ЗАТ "Мясны замак — Экапрам", забойны цэх Смалявіцкага райпо, забойны цэх Маладзечанскага райспажыўтаварыства, каўбасны цэх КСУП "Пяршаі-2014", ААТ "Занарачанскі", каўбасны цэх Нясвіжскага райпо, скотазабойны пункт Стаўбцоўскага райпо, забойны цэх Чэрвеньскага райпо, цэх мясных паўфабрыкатаў ЗТАА "МартІнкаФуд".
На цяперашні час у Расію забароненыя пастаўкі з 34 беларускіх прадпрыемстваў, якія вырабляюць мяса, рыбу, малако і кармы. Яшчэ 20 прадпрыемстваў маюць права пастаўляць толькі асобныя віды прадукцыі.